Адбылося чарговае пасяджэнне інфармацыйна-адукацыйнага праекту «ШАГ» па тэме «ААН – 75 гадоў: гісторыя дзейнасці, асноўныя дасягненні і ініцыятывы Рэспублікі Беларусь у складзе ААН». У размове прынялі ўдзел навучэнцы 8–11-х класаў.
На этапе «Мы даведаемся» вучні азнаёміліся з тэматыкай сустрэчы, яе важнасцю ў сучасных умовах.
На этапе «Мы разважаем» пры абмеркаванні першага блока з гісторыяй дзейнасці міжнароднай арганізацыі ўдзельнікаў пасяджэння пазнаёміла Рэната Гуж, вучаніца 10-га класа. Асаблівая ўвага была звернута на тое, што ў сувязі з паўнамоцтвамі, прадстаўленымі Статутам ААН, яе ўнікальным міжнародным характарам, арганізацыя можа прымаць рашэнні па такіх пытаннях, якія стаяць перад чалавецтвам у XXI стагоддзі: мір і бяспека, разбраенне, пагрозы тэрарызму, змяненне клімату, устойлівае развіццё, правы чалавека, гуманітарныя і надзвычайныя сітуацыі і многае іншае. У працэсе абмеркавання вучняў цікавілі пытанні: «Ці можа якая-небудзь дзяржава быць выключанай з ААН? », «Ці падобныя выпадкі мелі месца?», «Колькі дзяржаў з’яўляецца членамі ААН у цяперашні час?», «Чаму менавіта 24 кастрычніка лічыцца днём заснавання ААН? » і іншыя.
Пры абмеркаванні другога блока Ягор Болбат і Дар’я Крэўчык пазнаёмілі слухачоў з асноўнымі дасягненнямі і ініцыятывамі Рэспублікі Беларусь у складзе ААН. Спектр прынцыпаў і прыярытэтаў нашай дзяржавы шырокі і разнастайны: раззбраенне і канверсія ваенных вытворчасцяў, раўнапраўнае эканамічнае партнёрства і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, прыродаахоўнае і сацыяльна-гуманітарнае ўзаемадзеянне. Наша краіна ратыфікавала Дагавор аб усеабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў і сфарміравала Нацыянальны камітэт па назіранні за ядзернай бяспекай і бяспекай у прамысловасці. Па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь ААН абвясціла ў 2014 годзе Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі, рашэнне аб правядзенні дня замацавана ў рэзалюцыі.
На этапе «Мы дзейнічаем» былі падведзены вынікі сустрэчы. Марыя Міхайлаўна Коўшык, класны кіраўнік 8-га класа, расказала, што 21 верасня 2020 года ў Міжнародны дзень міру ў нашай краіне праходзіла інтэрнэт-гульня «Адзін дзень міру: ААН 75». У рамках этапу Марына Раманаўна Бурая, настаўнік хіміі і біялогіі, расказала ўдзельнікам аб удзеле нашай установы адукацыі у адукацыйным праекце «Зялёныя школы». Напрамкі работы школы наступныя: біяразнастайнасць, энергазберажэнне, водазберажэнне, работа з адходамі, якасць атмасфернага паветра. Марына Раманаўна адзначыла, што гэта вельмі цікавая і адначасова складаная дзейнасць. Вучні з задавальненнем прымалі ўдзел у розных даследаваннях у рамках праграмы. Некаторыя з іх з’явіліся дыпламантамі і пераможцамі розных конкурсаў і навукова-практычных канферэнцый.
Марыя Міхайлаўна КОЎШЫК,
класны кіраўнік 8-га класа.
Бераставіцкі раён,
Канюхоўскі яслі-сад–сярэдняя школа.