У Дварэцкай школе з самай раніцы адкрылася незвычайная творчая майстэрня. Удзельнікамі яе сталі вучні і іх бацькі.
У рамках Тыдня моладзі было вырашана стварыць мастацкую галерэю. Але не звычайную, пэнзлікам і фарбамі. Маленькія мастакі разам з бацькамі працавалі на… асфальце. У бацькоў знайшоўся час, каб дапамагчы сваім дзецям у такой прыемнай справе.
Сям’я Ганчар малявала дом. Што можа быць найважнейшым, чым свой утульны, цёплы, прыгожы дом! А яшчэ трэба, каб вакол яго расло шмат дрэў, кветак. Маленькі Багдан малюе сонейка. Хай яно свеціць усім навокал! Каця малюе маму. Яна побач з захапленнем дапамагае сваім мастакам. І вось на асфальце з’явіўся рознакаляровы цуд!
Адным з прыярытэтных накірункаў выхаваўчай работы з’яўляецца работа з сям’ёй. Падчас удзелу ў сумесных справах і мерапрыемствах умацоўваюцца такія маральныя каштоўнасці, як бацькоўскі аўтарытэт, фарміруюцца даверлівыя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі, складаецца станоўчы мікраклімат сям’і.
Людміла Мікалаеўна ГВАЗДОЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў.
Дзятлаўскі раён,
Дварэцкая школа.