Прырода нашай краіны вельмі багатая. Беларускае Палессе і НП «Прыпяцкі», на тэрыторыі якога знаходзіцца Азяранскі сельскі савет – не выключэнне.
Жывёльны і раслінны свет у нас самы разнастайны. Расце ў лесе магутны Цар-дуб і велічная Цар-сасна, водзіцца чорны бусел, шэрая чапля, арлан-белахвост, балотная сава – дрэвы і птушкі, якія занесены ў Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь. Таму мы, дарослыя, павінны з ранняга ўзросту прывіваць у школьнікаў любоў, беражлівыя адносіны да прыроды, клопат аб родным краі.
Азяранскі дзіцячы сад–сярэдняя школа на працягу доўгага часу супрацоўнічае з НП «Прыпяцкі». На стэндах размяшчаецца актуальная інфармацыя, арганізуюцца сустрэчы, на якіх прадстаўнікі НП расказваюць вучням аб асаблівасцях прыроды нашага ўнікальнага краю, яе ахове.
А зусім нядаўна нашай установе паступіў незвычайны заказ: змайстраваць 50 домікаў для птушак. У школу былі прывезены ўсе неабходныя будаўнічыя матэрыялы: дошкі, жэрдкі , цвікі, антысэптык, фарба для пакраскі. Кіраваў працэсам вырабу шпакоўняў настаўнік тэхнічнай працы Аляксандр Дзмітрыевіч Пашэвіч. Спачатку з вучнямі была праведзена гутарка, у ходзе якой настаўнік яшчэ раз напомніў правілы бяспекі карыстання інструментамі, расказаў аб тым, што шпакоўні павінны адпавядаць пэўным памерам. А пасля за працу ўзяліся хлопчыкі 6–7-х класаў. З якім натхненнем, стараннасцю і адказнасцю яны працавалі! У працэсе працы ўсе былі такія сур’езныя, толькі кропелькі поту можна было бачыць на тварах. Вучні разумелі, якое важнае даручэнне ім далі.
На працягу двух тыдняў вучні працавалі не толькі на ўроках тэхнічнай працы, але і ў суботні дзень і нават пасля ўрокаў. І ўвесь час побач з юнымі натуралістамі быў іх настаўнік і дарадца. Нарэшце шпакоўні зроблены, пафарбаваныя марылкай і фарбай, чакаюць сваіх заказчыкаў.
Супрацоўнікі Нацыянальнага парка «Прыпяцкі» засталіся вельмі задаволеныя працай нашых школьнікаў. Яны падзякавалі і патлумачылі, што шпакоўні будуць размешчаны на тэрыторыі менавіта Азяранскага сельскага савета: у школьным двары, у вёсках, за вёскамі.
А нам застаецца толькі верыць, што кожная шпакоўня, зробленая рукамі вучняў, напоўніцца звонкімі птушынымі галасамі, і хлопчыкі будуць з гонарам успамінаць і помніць пра тое, якую важную справу яны зрабілі.
Таццяна Яўгенаўна ПЯШЭВІЧ,
настаўнік.
Жыткавіцкі раён,
Азяранскі дзіцячы сад–сярэдняя школа.