У гэтым навучальным годзе я змяніла месца вучобы. У новай школе не толькі набыла новых сяброў, але і стала ўдзельніцай старажытных звычаяў і абрадаў, якія шмат гадоў захоўваюцца ў гэтай навучальнай установе.
Хачу распавесці пра цудоўную традыцыю, удзельнікам якой стала. Больш за дваццаць гадоў у Міханавіцкай школе існуе добрая традыцыя адзначаць свята Асяніны. Вучні шостых класаў разам са сваімі бацькамі і настаўнікамі з’яўляюцца ўдзельнікамі абрада. І гэта невыпадкова. На пачатку першай чвэрці на ўроках беларускай літаратуры вывучалі тэму «Мой род. Родная зямля. Народ» і напрыканцы атрымалі заданне, дзе неабходна было распытаць бацькоў пра сваіх продкаў (дзеда, бабулю, прадзеда, прабабулю і г.д.), запісаць месца і час нараджэння або гады жыцця, даведацца, як і дзе яны жылі, чым займаліся.
Было вельмі цікава працаваць над гэтым заданнем, у мяне атрымалася цудоўная даследчая работа. На аснове атрыманых ведаў разам з бацькамі склала сваё радаводнае дрэва і праводзіла яго прэзентацыю на ўроку.
Многія мае аднакласнікі з задавальненнем уключыліся ў работу. Лепшыя радаводы былі перададзены ў школьны музей, нязменным кіраўніком якога з’яўляецца Марыя Мікалаеўна Леўкавец. Яна штогод разам з вучнямі праводзіць вялікую падрыхтоўку да свята на музейных занятках па складанні радаводнага дрэва. За гэты час у музеі назбіралася багата радаводаў, якія перапляліся паміж сабой сваімі радаводнымі галінамі. Дзякуючы ім, можам прасачыць гісторыю пасёлка Міханавічы, даведацца пра самых знакамітых яго ўраджэнцаў, тых, хто умацоўваў, развіваў і ўдасканальваў перададзенае ў спадчыну ад продкаў, хто праслаўляў сваю зямлю, свой род, свой народ.
Само свята Асяніны, вядучай якога была разам са сваім аднакласнікам Мацвеем, адзначаецца ў школьным музеі. Там загадзя афармляецца выстава радаводаў, а ў цэнтры стаіць стол, засцелены абрусам. На ім – свечка. Удзельнікі абраду прымыкаюць да цэнтральнага стала, утвараючы вялікае кола. Мы з Мацвеем расказвалі пра ролю абрада, яго месца ў дыялогу культур са старэйшым пакаленнем, пра неабходнасць захавання традыцыі ў сучасных умовах. Пасля настаўнік падышоў да стала, запаліў свечку са словамі: «Дзяды, хадзіце да нас! Чакаем вас, як тысячы, як сотні гадоў таму назад чакалі…». Пакуль гарэла свечка вучні разам з родзічамі распавядалі пра продкаў, прадстаўлялі радаводнае дрэва, паказвалі фотаздымкі.
Вельмі спадабалася гэта традыцыя, тая атмесфера даверу і цеплыні, што панавала ў музеі. Кожны ўдзельнік мерапрыемства адчуваў, што Дзяды – гэта дзень, калі мы не толькі падводзім вынікі пражытага года, але і задумваемся над сэнсам свайго жыцця. Магчыма, гэта і ёсць галоўная нацыянальная ідэя існавання беларусаў на зямлі: быць моцнымі, разумнымі, годнымі сваіх продкаў.
Анастасія НЕКРАШ,
вучаніца 6-га класа «Б»,
Мінскі раён, Міханавіцкая школа.