Мне сапраўды пашчасціла нарадзіцца і вырасці на цудоўнай зямлі – у Лойкаўскім краі. Тут жывуць добразычлівыя, адкрытыя, клапатлівыя людзі.
У народзе кажуць: “Не красна хата вугламі, а красна пірагамі”. Калісьці перад вялікімі святамі ў кожнай вясковай хаце пахла свежымі булкамі. Які неверагодны, знаёмы сялянам з дзяцінства, прыемны пах!
Мая бабуля Тарэса Станіславаўна Яблонская, што з мястэчка Лінкі, ужо каля дваццаці гадоў выпякае апетытныя пірагі, караваі на вяселлі, хрысціны, юбілеі. На выпечку –гэта, дарэчы, сапраўдны складаны рытуал – адводзіцца амаль цэлы дзень. Зраніцы трэба выпаліць у печы. Каб пірог удаўся, дровы абавязкова павінен секчы дужы хлопец альбо мужчына. Пажадана, каб у хату падчас замешвання цеста ніхто, асабліва незнаёмы, не заходзіў.
Прадукты – мука, яйкі, дрожджы – выкарыстоўваюцца цёплыя, яны загадзя ставяцца каля печкі. Мука прасейваецца ў міску, туды ўліваецца малако, дабаўляюцца цукар, масла, яйкі, дрожджы, алей, ванілін, разынкі. Затым цеста добра вымешваецца, ухутваецца і ставіцца ў зацішны куток – падходзіць.
Замясіўшы цеста і рупліва памыўшы рукі, бабуля вылівае ваду пад яблыню. “Каб дзеці ў будучым ажаніліся”, – тлумачыла незнаёмае мне павер’е бабуля. Цеста выкладваецца ў прамавугольныя формы (бабуля называе іх “бляшкамі”), шчодра змазаныя тлушчам, і ставіцца на некаторы час ў печ.
Гатовыя пірагі звычайна астываюць на лаве. Рэзаць іх можна толькі тады, калі поўнасцю астынуць. Для мяне, да прыкладу, гэта сапраўдны іспыт. Таму што дужа хочацца хутчэй пакаштаваць ласунак. Звычайна бабуля выпякае ў сваёй печы пяць булак.
Ні ў якім разе нельга забываць традыцыі нашых продкаў. Я вырасту – і абавязкова навучуся выпякаць смачныя пірагі, каб не згубілася справа, якой займаецца зараз мая бабуля.
Паліна МАТЫС, вучаніца 9-га класа.
Дапамагала Л. Б. СЯЛЕЦКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры.
Гродзенскі раён, Лойкаўская школа.