Дзень сяброўства

Из нашей почты Новости

У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава 21 мая прайшло раённае піянерскае свята «Піянеры Дзятлаўшчыны – адзіныя і непераможныя!», прысвечанае Дню піянерскага сяброўства і Году народнага адзінства.

Удзел прымалі дэлегацыі з 13 піянерскіх дружын раёна – пераможцы раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсаў, валанцёры, цімураўцы, лідары піянерскага руху, дэпутаты маладзёжнага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў, прадстаўнікі пярвічных арганізацый ГА «БРСМ». Урачыстасць адкрыла выступленне барабаншчыц гімназіі № 1 горада Дзятлава.

Старшыня раённага савета ГА «БРПА», вядучая сустрэчы Ірына Анатольеўна Мішчанка прадставіла гасцей піянерскага злёту, якія прыйшлі павіншаваць моладзь са святамі, – старшыню раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Станслававіча Бараноўскага, ветэранаў маладзёжнага руху Надзею Філімонаўну у Канявега і Алену Рыгораўну Абрамчык.

– Сімвалічна, што сустрэча прымеркавана не толькі да Дня піянерскага сяброўства, але і да Года народнага адзінства: піянеры ва ўсе часы ўмелі быць адной камандай і сябраваць, – звярнулася да ўдзельнікаў злёту Надзея Філімонаўна. – На рахунку майго пакалення шмат знакавых падзей, якія вызначалі лёс краіны – тагачаснага Савецкага Саюза. У вас таксама цікавае жыццё і не менш добрых спраў на карысць роднай Беларусі. Кожны з вас стараецца праявіць сябе, стаць прыкладам для іншых. Так трымаць і надалей!

Кожны год раённая піянерская арганізацыя папаўняецца. Сёлетні – не стаў выключэннем: ва ўрачыстай абстаноўцы госці і педагогі-арганізатары павязалі піянерскія гальштукі вучням 4-х класаў сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава.

З важнай падзеяй у жыцці піянераў  павіншавалі і пажадалі ім здароўя, радасці, светлых дарог, разумных спраў, смелых учынкаў Аляксандр Станслававіч Бараноўскі і Алена Рыгораўна Абрамчык.

Напярэдадні злёту перад раённым саветам ГА «БРПА» піянерскія дружыны трымалі справаздачу аб рабоце за папярэдні год. На свяце дружыны, якія дасягнулі лепшых вынікаў за справаздачны перыяд, а таксама пераможцы абласных конкурсаў атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Пасведчанні маладых парламентарыяў членам Маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў уручыў старшыня райсавета Аляксандр Станіслававіч Бараноўскі.

У рамках агляду-конкурсу піянерскіх пакояў да свята быў падрыхтаваны віртуальны відэаэкспрэс, які прапанавалі прагледзець прысутным.

Завяршылася ўрачыстасць яркай флэш-акцыяй «Мы, маладыя, – надзея краіны!» са сцяг-шоу і агульным фотаздымкам на памяць.

Ірына Леанідаўна СТЫРНІК.

г. Дзятлава,

цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *